У дзяржаўнай установе адукацыі «Копыская сярэдняя школа Аршанскага раёна імя Янкі Купалы» адбылося паседжанне раённага вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры па тэме «Прымяненне прыёмаў праектна-даследчай дзейнасці на вучэбных занятках па беларускай мове і літаратуры як спосаб развіцця навыку працы вучняў у групах, актыўнага іх уключэння ў працэс самаадукацыі і самарэалізацыі».
Паседжанне прайшло ў форме семінара-практыкума.
Гасцей ветліва сустрэла дырэктар школы Падбярэцкая Г.В., якая расказала пра школу, яе традыцыі, поспехі.
Скібская А.В., настаўнік дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 2 г.Оршы імя Б.Л. Хігрына», выступіла з паведамленнем на тэму «Вучэбны праект і даследаванне як дыдактычныя сродкі развіцця, навучання і выхавання. Роля праектна-даследчай дзейнасці ў раскрыцці творчага патэнцыялу вучняў».
Яфрэменка В.Г., настаўнік дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 23 г.Оршы» падзялілася вопытам па арганізацыі калектыўнай і групавой работы на вучэбных занятках па беларускай мове і літаратуры для фарміравання даследчых уменняў і навыкаў вучняў.
Прыёмы даследавання моўных і літаратурных з’яў на вучэбных занятках па беларускай мове і літаратуры для актывізацыі мысленчай дзейнасці вучняў раскрыла Гарбачэўская А.Д., настаўнік дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 9 г.Оршы».
Вопытам работы па выкарыстанні праектнай дзейнасці пры арганізацыі працэсу сістэматызацыі ведаў вучняў на вучэбных занятках па беларускай мове і літаратуры падзялілася Жэўнерава А.М., настаўнік дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 12 г. Оршы».
Сугак В.Д., настаўнік дзяржаўнай установы адукацыі «Копыская сярэдняя школа Аршанскага раёна імя Янкі Купалы», правяла ўрок для дарослых па праектаванні вучэбных заняткаў па беларускай мове і літаратуры з прымяненнем прыёмаў праектна-даследчай дзейнасці на прыкладзе вывучэння жыцця і творчасці Янкі Купалы ў 9 класе і навучальнага сачынення-апісання помніка гісторыі (культуры) у 8 класе. Члены метадычнага аб’яднання актыўна працавалі на ўроку з такімі прыёмамі як «Рэстаўрацыя табліцы», «Устанаві адпаведнасць», «Ствары профіль у сацыяльнай сетцы», «Складзі сінквейн», «Запоўні параўнальную табліцу па вершах» і іншыя.
Пасля паседжання вучні 8 – 9 класаў правялі для ўдзельнікаў раённага вучэбна-метадычнага аб’яднання экскурсію ў літаратурна-краязнаўчы пакой «Спадчына Купалы». Пасля настаўнікі наведалі Цэнтр народнай творчасці і рамёстваў г.п. Копысь, дзе дырэктар Корбан А.П. расказала аб гісторыі копыскай кафлі і правяла экскурсію па цэнтры.