З мэтай папулярызацыі беларускай мовы ў лютым 2024 года дзяржаўнай установай «Аршанскі раённы вучэбна-метадычны кабінет» упершыню быў праведзены конкурс «Пуцявінамі песняра», прысвечаны жыццю і творчасці Янкі Купалы.
У конкурсе прынялі ўдзел 38 вучняў 8-9 класаў з 29 устаноў адукацыі Аршанскага раёна. Конкурс праводзіўся ў два этапы. Першы этап праходзіў дыстанцыйна. Вучні стваралі відэаролікі з запісам выразнага чытання вершаў беларускага класіка. Лепшыя чытальнікі прынялі ўдзел у другім этапе конкурсу, які адбыўся 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы.
Месца сустрэчы, дзяржаўная ўстанова адукацыі «Копыская сярэдняя школа Аршанскага раёна імя Янкі Купалы», было абрана невыпадкова. Прыгожыя аршанскія мясціны калісьці так спадабаліся паэту, што менавіта ў Ляўках пясняр пажадаў мець дачу. Ён часта наведваў Копысь, а сустрэчы з мясцовымі жыхарамі натхнялі яго на напісанне новых твораў.
Удзельнікі конкурсу з захапленнем чыталі купалаўскія вершы. Юныя таленты прадэманстравалі свае веды ў віктарыне «Лепшы знаўца жыцця і творчасці Янкі Купалы», наведалі літаратурна-краязнаўчы пакой «Спадчына Купалы», зрабілі фотаздымкі каля Копыскай школы на фоне бюста народнага песняра работы кітайскага майстра У Вэйшаня.
Цёплая атмасфера сустрэчы нікога не пакінула раўнадушным, бо творы Янкі Купалы па сённяшні дзень уздымаюць вечныя тэмы – каханне і сяброўства, сумленнасць і гонар, абавязак і грамадскае самавызначэнне чалавека.
Пераможцамі конкурсу сталі Кавалеўскі Іван (Копыская сярэдняя школа Аршанскага раёна імя Янкі Купалы, дыплом І ступені), Ісаенкава Паліна (сярэдняя школа № 16 г. Оршы, дыплом ІІ ступені), Мацкевіч Паліна (гімназія № 1 г. Оршы імя Г.В. Сямёнава, дыплом ІІ ступені), Лістападава Кацярына (сярэдняя школа № 23 г. Оршы, дыплом ІІ ступені), Упянёк Арцём (сярэдняя школа № 15 г. Барані, дыплом ІІІ ступені), Голубеў Максім (сярэдняя школа № 3 г. Оршы імя У.С. Караткевіча, дыплом ІІІ ступені), Баханава Анастасія (Зубаўская сярэдняя школа Аршанскага раёна, дыплом ІІІ ступені).
Прыз сімпатый гледачоў адзінагалосна атрымаў навучэнец сярэдняй школы № 4 г. Оршы Гаравы Арцём.
Свята паэзіі і творчасці ўдалося на славу. Будзем спадзявацца, што такія цёплыя сустрэчы з нагоды Дня роднай мовы будуць працягвацца і стануць добрай традыцыяй на доўгія гады.