Свята… У кожнага з нас ёсць свае любімыя святы, свае традыцыі і звычкі ў святкаванні, уласныя пераважанні ў выбары святочных забаўлянак. Але, пэўна, усе пагадзяцца з думкай, што добрае свята – гэта адначасова і вялікая адказнасць, і грунтоўная падрыхтоўка.
Каб утварыць або захаваць цудоўны святочны настрой, патрэбен не адзін дзень працы, вялікае жаданне ўсіх удзельнікаў парадаваць адзін аднаго. І як жа прыемна потым, калі задуманае атрымоўваецца, а святочны дзень запамінаецца надоўга!
У Крапівенскай школе педагогі і вучні ўмеюць і любяць наладжваць святы! Больш за тое, кожная субота ў нас - святочная! Мяркуйце самі: штотыдня педагогі, класныя кіраўнікі сумесна з адміністрацыяй школы, бацькамі і вучнямі наладжваюць спартыўныя гульні, спаборніцтвы, катанне на каньках або літаратурныя гадзіны, музычныя канцэрты.
А, напрыклад, у мінулую суботу, 30 студзеня, у нашай школе адбылося музычна-спартыўнае свята “Вясёлая завея”, падчас якога ўсе ўдзельнікі мерапрыемства не толькі разам спявалі, танцавалі і выконвалі вершы, але і актыўна “хварэлі” за дзве спартыўныя рознаўзроставыя каманды: “Пойдзем падойдзем” і “Хуткая завея”. Так-так! У спаборніцтвах самыя малодшыя вучні пачатковых класаў змагаліся за перамогу побач са старшакласнікамі, падтрымліваючы і падбадзёрваючы сяброў па камандзе. Можна многа казаць пра пераемнасць у навучанні, але ж і сяброўскі ўдзел у агульнай справе яўна вельмі і вельмі спрыяе пераемнасці паміж вучнямі і ўсталявнню сяброўскіх адносін паміж школьнікамі розных узростаў.
Трэба адзначыць, што праводзілася свята спорта і музыкі па папярэдне распрацаванаму сцэнарыю, дэталёва разгледжанаму намеснікам дырэктара па вучэбнай дзейнасці І.М. Філіповіч і ўзгодненаму потым дырэктарам школы Т.А.Аланцьевай. Магчыма, хтосьці з чытачоў падумае, што гэта дарэмныя меры перасцярогі і звычайнае школьнае свята можна было б праводзіць і без вялікай падрыхтоўкі, без асаблівага сцэнарыя і разгляду мажлівых форс-мажорных абставін, але небяспека школьнікаў, прадуманасць кожнага мерапрыемства,а тым больш спартыўных спаборніцтваў, іх выхаваўчая накіраванасць, – бадай, самы важны клопат у арганізацыі пазакласнай працы з дзецьмі. Калектыў нашай школы ўпэнены, што, выкарыстоўваючы менавіта такі скурпулёзны падыход да кожнай справы, можна дасягнуць поспеху ў выхаванні школьнікаў.
І варта было бачыць, як эмацыянальна, захоплена і па-спартыўнаму заўзята змагаліся удзельнікі каманд за першынства ў спаборніцтвах! Да таго ж малады настаўнік фізічнай культуры Крапівенскай школы А.В. Самуйла падабраў вельмі цікавыя і даволі складаныя конкурсы і эстафеты: кіданне дроцікаў, конкурс “Робін Гуд”, камандная эстафета “Рэпка”, скачкі на скакалцы “У траве сядзеў конік”, эстафета “Капаем бульбу”.
Адны толькі назвы конкурсаў чаго вартыя! Яны адразу настройвалі ўдзельнікаў на вясёлы лад і падымалі настрой.
А для маральнай падтрымкі каманд спартсменаў балельшчыкі падрыхтавалі разам з класнымі кіраўнікамі і кіраўніком літаратурна-драматычнага гуртка “Арт.by” Н.Марозавай цудоўныя і яскравыя музычныя нумары, выразныя гумарыстычныя вершы пра вітаміны, здаровы лад жыцця, карысць спорта.
Нават строгае, але справядлівае журы падпявала спевакам і гучна апладзіравала выканаўцам вершаў!
Несумненна, што свята спорту і музыкі ў нашай школе удалося, парадавала ўсіх ўдзельнікаў і зарадзіла пазітыўным настроем на вучобу ў наступны вучэбны тыдзень, а таму мы будзем працягваць шчырую і творчую працу на карысць нашым дзеткам.