Чым вы,паважаныя чытачы, любіце займацца ў выхадны дзень, напрыклад, у суботу? Упэўнена, што не памылюся, калі скажу, што найбольш частымі сярод варыянтаў адказаў будуць такія:”Люблю паспаць”, “Гляджу тэлевізар”, “Сяджу ў інтэрнэце”…
Не буду спрачацца, але, на мой погляд, гэта не самае лепшае баўленне вольнага часу. А ведаеце, што адказала б вам абсалютная большасць вучняў дзяржаўнай установы адукацыі “Крапівенская яслі-сад – сярэдняя школа Аршанскага раёна”? Адказ быў бы просты і шчыры: “У суботу з самага ранку я іду ў любімую школу!”
Вы, напэўна, падумаеце, што, магчыма, вучні нашай школы не вельмі добра вучацца і вымушаны ў шосты дзень тыдня наведваць дадатковыя заняткі, каб выправіць недахопы ў ведах, таму і пакідаюць яны ў суботу канапы перад тэлеэкранам і ўтульныя крэслы перад камп’ютарам, і мімаволі, сумныя і заклапочаныя, цяжкай хадой засмучана плятуцца ў храм ведаў?
Не, не і яшчэ раз не! Крапівенскія школьнікі імчацца ў родную школу весела і борздзенька, спяшаючыся на сустрэчу з любімымі настаўнікамі і лепшымі сябрамі-аднакласнікамі, бо менавіта ў сценах нашай навучальнай установы дзяцей чакае мноства найцікавейшых заняткаў!
Мяркуйце самі: у шосты школьны дзень у нас працуюць ажно 6 гурткоў і спартыўная секцыя, а школьны псіхолаг запрашае да сябе на кансультацыі і захапляльныя трэнінгі ў клуб “САН”, таму кожнае дзіця мае магчымасць выбраць занятак па інтарэсах, пагутарыць па душах з блізкімі сябрамі і настаўнікамі, пры неабходнасці атрымаць добрую карысную параду школьнага псіхолага.
Тыя вучні, хто любіць рабіць надзвычайныя вырабы з бісеру, мукі і солі, шматлікіх прыродных матэрыялаў могуць выбраць па жаданні з трох гурткоў: “Фантазія” (кіраўнік В.У.Шкурдзюк), “Мукасолька”(кіраўнік Г.М.Закрэўская) або “Парастак” (кіраўнік Т.А.Белабрудава). А паколькі гэтыя гурткі працуюць у розны час з раніцы да 15 гадзін, то можна не абмяжоўваць свае творчыя магчымасці і цягу да рукадзелля і займацца ва ўсіх трох па чарзе! Як вы думаеце, ці зможа па-сапраўднаму творчае дзіця – а ў нас у Крапівенскай школе ўсе дзеткі творчыя – дык ці зможа дзіця ўседзець дома, калі ў школе адкрываюцца такія цудоўныя магчымасці для самарэалізацыі?
А калі, напрыклад, у школьніка маюцца артыстычныя здольнасці і цяга да тэатральных пастановак, напісання творчых тэкстаў? Гэтыя запатрабаванні ў нашай школе таксама задавальняюцца ў поўным аб’ёме на занятках драматычна-літаратурнага гуртка “Арт.by”(кіраўнік Н.А.Марозава), падчас якіх гурткоўцы самастойна ствараюць уласныя пастаноўкі, рэпетыруюць іх і з нязменным поспехам выступаюць перад жыхарамі і гасцямі нашай школы, заўсёды атрымоўваючы ў адказ апладысменты і падзяку гледачоў! Менавіта выхаванцы гуртка “Арт.by” з’яўляюцца аматарамі і пастаяннымі наведвальнікамі спектакляў абласного драматычнага тэатра імя Я.Коласа, экскурсіі ў які ўжо сталі добрай традыцыяй вучняў Крапівенскай школы і іх бацькоў.
Дарэчы, выхаванне павагі да Бацькаўшчыны, да роднага кутка, да традыцый продкаў – адна з першачарговых задач педагагічнага калектыва нашай школы. Важнейшым сродкам фарміравання гэтай выдатнай якасці сталі заняткі ў гуртку музейнай справы “Спадчына” (кіраўнік Н.А.Вараб’ёва), якія праходзяць у этнаграфічна - краязнаўчым музеі школы зноў-такі ў суботу. Вучні разам з настаўнікамі, дырэктарам школы Т. А.Аланцьевай ходзяць у госці да старажылаў вёскі, збіраюць гісторыка-этнаграфічныя матэрыялы, занатоўваюць цікавыя гісторыі з жыцця аднавяскоўцаў, наладжваюць сцэнарныя экскурсіі для школьнікаў і гасцей школы.
А для самых актыўных, хуткіх і спартыўных наладжаны ў нас у школе не толькі штосуботнія заняткі ў спартыўнай секцыі, але і спаборніцтвы ў Дзень здароўя, калі адбываюцца неверагодныя па эмацыянальнасці і энергічнаму запалу конкурсы, эстафеты, кросы, у час якіх, як, напрыклад, у суботу 16 студзеня вучні могуць паспаборнічаць у зборных камандах з настаўнікамі і выпускнікамі школы!
Як жа можна ўседзець дома, калі ў гэты час твой аднакласнік, магчыма, перадае пас настаўніцы рускай мовы і літаратуры або перамагае каманду завуча?!
Хто ж зможа ўседзець дома, калі ў школе ў суботу гэтак весела і цікава?! І калі вы не ведаеце, як добра, цікава і карысна правесці выхадныя дні, калі зразумелі нарэшце, што сядзець дома проста сумна – шчыра запрашаем вас у госці да нас у Крапіўна!Абяцаем – сумна не будзе!